«ГО́ЛОС НИ́ЗА»,

рукапісны літаратурна-грамадскі часопіс. Выдаваўся ў 1911 у г. Капыль (Мінская вобл.) на рус. мове гуртком «Самаразвіццё і самаадукацыя». Захаваліся № 1, 2, 3, 10. У іх супрацоўнічалі З.Жылуновіч (рэдактар першых нумароў, псеўд. Шулятнік, Капылянін), А.Гурло (псеўд. Л.Эхо), Х.Чарнышэвіч (псеўд. Н.Буржэнін), Дз.Чарнушэвіч (псеўд. Ф.Стрэмаў). Змешчаныя ў часопісе літ. творы маюць гісторыка-пазнавальнае значэнне, у іх перададзена імкненне нар. мас да свабоды і сац. справядлівасці. У публіцыст. артыкулах паказвалася сац.-эканам. і паліт. жыццё, крытыкавалася царскае самадзяржаўе. Да № 1—3 выдаваўся літ. дадатак на бел. мове «Вольная думка» (вядомы па ўрыўках).

А.М.Клачко.

т. 5, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)